Карысны занятак
Праца ў час канікул — жаданая справа для многіх навучэнцаў сельскіх школ Гродзеншчыны.
Падсобны рабочы, палявод, працоўная кніжка і заробак у 150—200 рублёў за дзесяць дзён — навучэнцаў Князеўская сярэдняй школы Зэльвенскага раёна такі вынік работы вельмі задавальняе.
Навучэнцы Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шчучынскага раёна.
— Навучэнцы не першы год уваходзяць у склад будаўнічых атрадаў, якія летам працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна, — расказвае старшыня Зельвенскага райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Віталь Дзержаноўскі. — Мы арганізоўваем не толькі іх работу, але і цікавы адпачынак. Так, члены сэрвіснага і педагагічнага атрадаў, якія працавалі ў лагеры “Блакітная хваля”, а таксама на сельскагаспадарчых работах у вёсках Бародзічы і Ёлка, маглі бясплатна пабываць на II Еўрапейскіх гульнях. Па выніках работы ўзнагароджваем лепшых будатрадаўцаў.
Дзесяць хлопцаў з Князеўскай школы пад кіраўніцтвам свайго камандзіра навучэнкі Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алесі Яскевіч сумленна адпрацавалі ў гаспадарцы “Князеўцы”. Ім на змену заступілі навучэнцы Галынкаўскай сярэдняй школы.
Трэці год летнюю працоўную змену арганізоўваюць у Першамайскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Як паведаміла выконваючая абавязкі дырэктара школы Наталля Дашкевіч, па выніках працоўнага лета мінулага года школа атрымала падзячны ліст Гродзенскага абкама БРСМ. І сёлета восем навучэнцаў у складзе атрада імя Уладзіміра Карвата прыступілі да працы ў мясцовай гаспадарцы “Першамайск-агра”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ