В СОЮЗ С ДРУЗЬЯМИ

Лепшая за ўсіх на зямлі – мама…

Пройдзе час, і немаўляткі, што на гэтым тыдні з’явіліся на свет у сценах Шчучынскага раддома, абавязкова будуць віншаваць сваіх матуль з Днём маці – прыгожым святам, якое штогод, 14 кастрычніка, прыходзіць да нас пад шалясценне залатой лістоты. А пакуль яны мірна пасопваюць у маленькіх ложачках. Наперадзе ў трох хлопчыкаў і трох дзяўчынак маміны клопаты, пяшчота і бязмежная любоў.

Шчаслівыя парадзіхі на некалькі хвілін адлучыліся ад сваіх “сонейкаў”, каб прыняць віншаванні ад прадстаўнікоў раённай улады і грамадскіх арганізацый. Прывітаць жанчын і раздзяліць разам з імі радасць мацярынства прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей, старшыні раённых арганізацый: ГА “Белая Русь” Г.Ф. Шандроха і Беларускага саюза жанчын С.У. Шанчук, а таксама першы сакратар РК БРСМ А.С. Богдзель.

— Дзень маці – адно з самых лепшых святаў, бо першае слова, якое вымаўляе дзіця, — мама. Хачу ад раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста шчыра вас павіншаваць і пажадаць, каб вашы дзеці выраслі здаровымі, шчаслівымі і заўжды радавалі, — звярнуўся да жанчын Ян Браніслававіч Майсей. – Вы, відаць, заўважылі, якія ў гэтым раддоме створаны камфортныя ўмовы, які тут вопытны і ўважлівы медперсанал, таму часцей прыязджайце нараджаць менавіта сюды.

Госць за госцем — слова па слову, і склаўся яркі віншавальны букет. Адзначыўшы, што падтрымка мацярынства і дзяцінства – адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржавы, Генрых Феліксавіч Шандроха пажадаў маладым жанчынам прылёту ў іх дамы новых буслоў. А Святлана Уладзіміраўна Шанчук нагадала пра вялікую і ганаровую місію жанчын быць маці, а значыць, нараджаць новых грамадзян, якія вызначаць шчаслівую і светлую будучыню нашай Беларусі. “Здароўя, пазітыву, каб усё ў жыцці атрымлівалася. Самае галоўнае – гэта радасць у дзецях”, — далучылася да калег Алена Славаміраўна Богдзель. Пра еднасць Дня маці і праваслаўнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы напомніла намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Людміла Мар’янаўна Чэхунова. Апякунства Божай Маці яна і пажадала маладым матулям і ўсім прысутным жанчынам.

Госці ўручылі віноўніцам урачыстасці падарункі.

Як расказала загадчык акушэрскага аддзялення Валянціна Іванаўна Гудач, на працягу Тыдня маці дзве жыхаркі раёна нарадзілі сваіх першынцаў, сем’і яшчэ дзвюх жанчын папоўніліся другім дзіцяткам і столькі ж матуль сталі шматдзетнымі. У прыватнасці, ужо трэці візіт у раддом за шчасцем у жыхаркі Каменкі Марыны Іванаўны Навіцкай. Яе з сыночкам чакаюць дома дачушкі Алёна і Юля. Гаспадар жа гэтай дружнай сям’і Міхаіл Уладзіміравіч працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам, радасную навіну ён сустрэў у дарозе. “Спяшаецца дамоў, каб забраць нас з раддома”, — радуецца маладая мама. Яна задаволена, што сынок з’явіўся на свет менавіта ў камфортных умовах шчучынскага раддома, і ўдзячна медыкам за ўважлівыя адносіны і прафесійную дапамогу. “Мне тут спадабалася, — запэўнівае абаяльная маладзіца. І, шчыра ўсміхнуўшыся, дадае: — Я б яшчэ прыйшла…”

Словы віншаванняў і падзякі за высакародную працу пачулі ў гэты дзень і медыцынскія работнікі самага шчаслівага аддзялення бальніцы. Дарэчы, з пачатку года ў Шчучынскім раддоме з’явілася на свет 113 дзетак.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.
1
0
0
0
0
0
0
0
0
0
0
012

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *