НАШИ НОВОСТИ

У Астрыне прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”

Гэты конкурс ужо стаў традыцыйным для Шчучыншчыны і прыйшоўся даспадобы многім жыхарам. У мінулую нядзелю на стадыёне Астрынскай сярэдняй школы за лідарства змагаліся 6 сямей, якія з’ехаліся з розных куточкаў нашага раёна.

Падтрымаць удзельнікаў завіталі госці – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т.В. Ганчарук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шандроха, выконваючая абавязкі першага сакратара РК БРСМ А.А. Цынгалёва і іншыя. Прыемна было бачыць сярод балельшчыкаў старшынь сельвыканкамаў.

На сцэну выходзілі ўдзельнікі конкурсу: сем’і Бура (Ражанкаўскі сельсавет), Станіславіч (Астрынскі сельсавет), Зайко (Жалудоцкі сельсавет), Фядзюк (Васілішкаўскі сельсавет), Санюкевіч (Орлеўскі сельсавет) і Зайко (Мажэйкаўскі сельсавет).

Сёлета ганаровы тытул “Уладар сяла” заваявала сям’я Бура з Ражанкі. На другім месцы – Зайко (Жалудоцкі сельсавет). У тройку лідараў увайшла і сям’я Фядзюк (Васілішкаўскі сельсавет).

Конкурс чарговы раз нагадаў пра добрыя сямейныя традыцыі, уславіў сельскае жыццё і нялёгкую працу вяскоўцаў. Згадзіцеся, гэта рэальны шанц для маладых людзей заявіць пра сябе. Чарговы раз усе пераканаліся, што ёсць на Шчучыншчыне сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі, працавітыя і дружныя сем’і. Спадзяемся, што сям’я Бура з гонарам прадставіць нашу Шчучыншчыну ў вобласці і рэспубліцы.
Аляксей і Яна жывуць у аграгарадку Ражанка. Разам яны выхоўваюць дзвюх дачушак – Алісу і Сафію. Аляксей Бура працуе ветэрынарным урачом у ААТ “Шчучынаграпрадукт”, а Яна знаходзіцца ў водпуску па даглядзе за дзіцём да трох гадоў. Маладая мама вельмі творчая асоба. Любіць гуляць у валейбол, маляваць, шыць. Так, цудоўныя беларускія строі, у якіх сям’я завітала на конкурс, яна расшывала сама! А яшчэ, са слоў родных, Яна пячэ самыя смачныя ў свеце пірагі!

– Жыллё нам выдзеліла гаспадарка, і мы гэтаму вельмі рады, – гаворыць Яна Бура. – Нам падабаецца жыць ва ўласным доме. І хай сабе гаспадаркі не трымаем, толькі два каты і 10 рыбак, аднак агарод свой у нас ёсць і працуем на ім мы ўсёй сям’ёй. У нашага таты залатыя рукі, таму ў двары – парадак. Аляксей сам змайстраваў арэлі, паставіў плот. Адным словам, мы стараемся быць сапраўднымі ўладарамі сяла.
Падчас мерапрыемства актыўна працаваў выязны гандаль. За здароўем удзельнікаў і гасцей свята сачылі медработнікі Астрынскай гарпасялковай бальніцы. Дзятва бавіла час на батутах і ласавалася салодкай ватай ды попкорнам. Спартсмены аблюбавалі пляцоўку для валейбола і баскетбола.
Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў конкурсу і гасцей стала выступленне самадзейных артыстаў РЦКіНТ і артыстаў з Радуні і Геранён.
Дарэчы, сёлета арганізатарамі конкурсу выступілі РК БРСМ, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *